ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНА-АПТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ напружанняў,

метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.

Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.

На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)